З 15 па 20 лістапада ў ДУА “Езярышчанская сярэдняя школа імя П.Э. Анціпава” праходзіў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны 130-годдзю з Дня нараджэння Максіма Багдановіча. У школе быў абвешчаны конкурс малюнкаў паводле ўражанняў ад твораў Максіма Багдановіча. Падчас Тыдня настаўнікі беларускай мовы і літаратуры заклікалі вучняў, настаўнікаў, а таксама усіх тых, хто працуе ў школе, удзельнічаць у акцыі “Жыві, мова! Размаўляем па-беларуску”, дэвіз якой - “Рускай мове дай разгрузку - размаўляй па-беларуску!”
На працягу Тыдня адбыліся разнастайныя па сваёй форме і тэматыцы мерапрыемствы:
• 15 лістапада вучням 9 класа быў прапанаваны калектыўны прагляд і абмеркаванне кінафільма “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”;
• 16 лістапада для вучняў 9 класа была арганізавана гульня “Падарожжа па фанетыцы”, а дзесяцікласнікі прымалі ўдзел у літаратурнай віктарыне “Знаўцы біяграфіі Максіма Багдановіча”;
• 17 лістапада вучні 6 – 7 класаў прынялі ўдзел у конкурсна-пазнавальным мерапрыемстве “Як ты дорага мне, мая родная мова!”;
• 18 лістапада адбылося мерапрыемства “Апостал нацыі”, падчас якога вучні 11 класа паглядзелі і абмеркавалі кінафільм “Сотнікаў”;
• для васьмікласнікаў 18 лістапада было арганізавана віртуальнае падарожжа “Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча”, якое дапамагло юнакам і дзяўчатам даведацца пра цікавыя факты з біяграфіі славутага беларускага паэта;
• 19 лістапада вучні 5 класа паўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні-конкурсе “За смугою стагоддзяў”;
• На працягу Тыдня беларускай мовы і літаратуры для вучняў усіх класаў быў арганізаваны калектыўны прагляд беларускіх мультфільмаў і моўныя хвілінкі “Разгадваем крыжаванкі”.
20 лістапада вучні і настаўнікі школы былі запрошаны на літаратурны агеньчык “І не знікаць паэтам вечна…”, прысвечаны 130-годдзю з Дня нараджэння Паэта. Удзельнікі мерапрыемства змаглі паглыбіць свае веды пра жыццёвы i творчы шлях Максіма Багдановіча, убачыць, наколькі шматгранным быў талент Паэта, наколькі вялікай была яго любоў да роднага краю. Удзельнікі мерапрыемства асэнсавана і эмацыянальна чыталі лірычныя творы, адказвалі на пытанні віктарыны, прысвечанай жыццю і творчасці паэта. Выступленне вучняў і настаўнікаў суправаджалася цікавай мультымедыйнай прэзентацыяй, песнямі беларускіх выканаўцаў на словы Максіма Багдановіча, праглядам фільма пра паэта.
Падчас Тыдня вучні прадстаўлялі свае работы на конкурс малюнкаў паводле ўражанняў ад твораў Максіма Багдановіча.
Напрыканцы Тыдня беларускай мовы і літаратуры былі падведзены яго вынікі, адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і найбольш актыўных удзельнікаў. Дні, праведзеныя ў гонар памяці Максіма Багдановіча, пакінулі найлепшыя ўражанні ў сэрцах нашых вучняў і настаўнікаў.


