27 красавіка на базе ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Гарадка імя А.П. Сабалеўскага” прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Жывая класіка”. Сёлета конкурс праходзіў пад надзвычай чулым і глыбокім дэвізам: “Стваральная сіла беларускага слова: з рук маці - у сэрца Радзімы”. Удзельнікі пранікнёна чыталі паэтычныя радкі, дзе жанчына паўставала не толькі як беражлівая захавальніца хатняга агню, але як сімвал самой Радзімы, нашай гістарычнай Памяці і светлай Будучыні.
Гонар нашай установы адукацыі абаранялі вучаніцы 9 класа Базыленка Лізавета і Грэская Арына. Дзяўчаты годна выступілі на раённай сцэне, дэманструючы непадробную любоў да беларускай паэзіі.
За пранікнёнае, душэўнае выкананне верша Анатоля Вярцінскага “Агонь” Грэская Арына была адзначана дыпломам ІІ ступені.
Віншуем Лізавету і Арыну з выдатным вопытам, а Арыну - з заслужанай узнагародай! Дзякуем дзяўчатам за смеласць і жадаем новых творчых перамог і натхнення на шляху спасціжэння жывога беларускага слова.

